Добро пожаловать, гость! [ Регистрация | Вход
Воскресенье , 5 июля 2020

Газета «Полымя»

Адрес: Кореличи, пл. 17 Сентября 7

Городской: +375 (1596) 2-21-65 — главный редактор

Городской: +375 (1596) 2-19-02 — приемная, отдел рекламы

Городской: +375 (1596) 2-12-27 — зам. редактора, бухгалтерия

Сайт: http://www.polymia.by

Часы работы: Пн.-Вс. 8.00-17.00

Гісторыя газеты. Аб чым пісалі журналісты-партызаны ў падпольным друку? Якія газеты выходзілі ў гады ваеннага ліхалецця ў тыле ворага? Гэтыя пытанні цікавяць не толькі гісторыкаў і краязнаўцаў, а і дапытлівых чытачоў. На дапамогу ім прыйшло выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя”, якое выпусціла кнігу «I паўстаў народ…”. Такую назву мае факсімільнае выданне газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай айчыннай вайны, што выпускаліся ў падполлі.

Паклоннікі карэліцкай раёнкі і ўсе жыхары Карэліччыны могуць ганарыцца, што ў згаданым энцыклапедычным выданні годна прадстаўлены партызанскі друк іх краю. Давайце разам, шаноўныя чытачы, пазнаёмімся з экземплярамі газет, якім больш за 65 гадоў.

Пачнём са «Сцяга свабоды” — орган Мірскага райкама КП(б)Б. Вось трэці нумар газеты за 15 лютага 1944 г. На першай старонцы змешчаны перадавы артыкул, прысвечаны 26-й гадавіне Чырвонай Арміі. «Гэты дзень, — гаворыцца ў матэрыяле, — армія спатыкае ў жорсткіх баях з ворагам”. Расказваецца таксама і аб становішчы на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Вось колькі радкоў з публікацыі: «Глядзіце толькі, да чаго давялі нямецкія заправілы наш Мірскі раён. Выразаны сем’і ў Лядках, спалены жыўцом дзеці і жанчыны ў Новым Сяле, збамбардзіраваныя нямецкімі сцярвятнікамі вёскі Вялікая Слабада, Тарасавічы і Буковічы. Суседні Карэліцкі раён таксама за апошнія дні знішчаецца азвярэлымі фашыстамі. 10 лютага г. г. былі спалены нямецкімі самалётамі вёскі Равіны і Дорагава…”. Заканчваўся перадавы артыкул словамі «Смерць нямецкім захопнікам!”.

Цікавая па зместу газета «Сцяг свабоды” № 5 за 23 лютага 1944 г. Перадавы артыкул «Ад Перамогі — Да Перамогі” расказвае аб баявым шляху Чырвонай Арміі, вызваленні Крывога Рога, наступленні нашых войск у раёне Карсунь-Шаўчэнкаўска. Пра гераізм мясцовых партызан паведамляе заметка «Бой быў прыняты”: «Немцы і паліцаі чорнай гурбою папаўзлі на гасцінец і напароліся на партызанскую засаду атрада, якім камандаваўДзмітрый Д. (відаць, Д. Дзенісенка — заўвага А. Ж.). Ворагаў здорава «пагрэў” кулямётным агнём узвод Васі Ф. Кулямётчык не перастаў страляць і тады, калі яго раніла ў нагу. Нягледзячы на тое, што кулі рваліся навокал Колі-кулямётчыка, партызаны Віця С. і Кастусь К. змаглі вынесці раненага таварыша. У баі, як напісаў аўтар нататкі Коннік, было знішчана 7 фашысцкіх нягоднікаў і 12 ранена”.

Карэліцкі райкам партыі выдаваў у падполлі газету «Чырвоны партызан”. У кнізе прадстаўлены тры яе нумары. Перадавыя артыкулы першых двух названы «Сарвём фашысцкую мабілізацыю” і «Адпомсцім за зверствы гітлераўцаў”. Там жа змешчана інфармацыя пра баявыя дзеянні Чырвонай Арміі і партызан. У нумары за 25 красавіка 1944 г. апублікаваны зварот да насельніцтва часова акупіраваных захопнікамі раёнаў Савета Народных Камісараў і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Цэнтральнага камітэта КП(б)Б. У гэтым дакуменце падкрэсліваецца, што блізкі час вызвалення роднага краю, што блізкі час Перамогі, і ставяцца першачарговыя задачы перад патрыётамі Беларусі.

Асобна варта спыніцца на газеце «Партызанскае жыгала”, якая мела вялікую папулярнасць у нёманскіх партызан. Як вядома чытачам «Полымя”, гэтае сатырычнае выданне рэдагаваў Янка Брыль, слынны сын карэліцкай зямлі. Дарэчы, у нумары «Партызанскага жыгала” за 28 мая 1944 года змешчана пад загалоўкам «Мясапастаўка Гітлеру” едкая заметка з карыкатурай за подпісам Я. Б-ль. А побач — поўны гневу і сатыры верш «Яго, бандыта, пад прыцэл вазьмі!”. На другой старонцы зноў бачым сатырычныя вершы і карыкатуры, а яшчэ — дасціпныя жарты.

Трапнае і мабілізуючае слова газет-партызанак звала наперад на самаахвярную барацьбу супраць акупантаў. Вобразна кажучы, пяро прыраўнялі ў той цяжкі час да штыка, і яно, журналісцкае пяро, апраўдала сваё пачэснае прызначэнне. У чым пераканаецца кожны, чытаючы факсімільнае выданне пра падпольны друк. Аляксандр ЖАЛКОЎСКІ, журналіст, жыхар г. Ліда.

Оставить отклик

Заметили ошибку в работе сайта? Нет нужной категории в объявлениях или услугах? Неправильные данные компании или организации? Напишите нам